Затраслося помстай сэрца У грудзі дзявочай, Спахмурнелі чорны бровы, Заіскрылісь вочы. - Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Сваё золата, палацы Застаўляй сабе ты, Сам заморскае віно пі І насі саеты. Пі, гуляй з сваёй раўнёю, Покі ваша сіла,- Бандароўне больш да твару - Чымся ты - магіла. Не прадасць яна дзявоцтва, Як ты, пан, сумленне; Твае ўгрозы ёй не страшны, Не страшна цярпенне. Перад панам тым з Канева Смела дзеўка стала, Смела гледзячы у вочы, Смела адказала: - Дужы ты з сваім багаццем, А я сілы большай,- За мной праўда і народ мой, За табой жа - грошы! Чым з табою піць, гуляці, Ночкі каратаці,- Лепш навекі косці парыць У зямельцы-маці!